Дзяржаўныя сiмвалы РБ

Як суверэнная дзяржава, Рэспубліка Беларусь мае свае дзяржаўныя сімвалы – Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн. 

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь 

Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, братэрства, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця.

   Зялёны колер – колер дабра – гэта перш за ўсё колер свабоды. Недарэмна лічаць, што назва нашай краіны – Беларусь – звязана з непахіснай воляй да свабоды.

   Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці. І гэтыя якасці павінен свята захоўваць у сваёй душы сапраўдны сын беларускай зямлі.

   Сцяг Беларусі мае яшчэ адну важную характэрную дэталь – гэта чырвоны народны ўзор, ці інакш кажучы, арнамент. Арнамент – сімвалічны малюнак, графічны спосаб заклінання вышэйшых боскіх сіл. Праз узоры, ці арнамент, людзі выказвалі розныя пажаданні і запаветы яшчэ ў тыя часы, калі не існавала пісьменства.  Што азначае гэты арнамент? Што ён сімвалізуе? Перш за ўсё – працалюбства і працоўнае майстэрства як перадумову кожнага шчаслівага лёсу. Інакш кажучы, выражае самыя істотныя якасці, пазбавіўшыся якіх, народ, і асобны чалавек губляюць права на дастойнае існаванне.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь 

Герб Беларусі вельмі багаты па колькасці закладзеных у ім элементаў. Першае, на што зверне ўвагу кожны – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях узыходзячага сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму, усе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна нам перададзена папярэднім пакаленнем.

   Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі ільну. Гэтыя сімвалы ўжо больш складаныя, іх мова патрабуе для разумення пэўных ведаў.

   Вянок (з ружаў, пальмавых лісцяў, лаўра і г.д.) спрадвеку выкарыстоўваўся народамі як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў.

 Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх яна – лепшы корм. Старажытныя людзі справядліва лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот, які здольны захаваць сабе жыццё і забяспечыць працвітанне астатняга жывёльнага свету.

   Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя ткані. Лён – сімвал стваральнай працы, знак дабра і дастатку.

   Ніжэй контура граніцы Рэспублікі Беларусі змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. У старажытнейшых міфах чалавецтва адлюстравана гэта сімволіка. Яе можна сустрэць у помніках старажытных Егіпта, Грэцыі і Кітая.

   З элементаў герба звяртае на сябе ўвагу чырвоная зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. У гэтай якасці чырвоная зорка выкарыстроўвалася ў часы існавання вялікай дзяржавы – СССР. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаем надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”.

   Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ.

   У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.

   Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа і выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Словы М.Клімковіча, У.Карызны

Музыка Н.Сакалоўскага

Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!